Прысвячэнне

arms

Вершы на слаўны ды старадаўні герб тут вышэй на шчыт умаляваны

Чытач у гэтай кнігі – пабожны, ласкавы,
    Навукі ў ёй шукае, не пустой забавы,
І гэтак пазбягае нягоднай ляноты,
    Што сам намаляваў тут на шчыце кляйноты.
І герб адметны гэты, як і гербаў рэшта,
    Няхібна выражае шляхетнае нешта,
І ўсе на ім выявы – гэта цнотаў знакі,
    Тое ўбачыць адразу мудры муж усякі.
Дык слаўся надзвычайна, ласкавы чытачу,
    Бо я бяды ніякай у гэтым не бачу.

Вавілонская вежа

babelІ яшчэ да сілабічных эксперыментаў – сілабічная сапфічная страфа (тры адзінаццаціскладовікі з цэзурай пасля пятага + адоній). Рыфмы, ясна, дакладныя жаночыя.

Вавілонская вежа

Калі шчэ зямля была маладою
Жылі два сябры, не разліць вадою,
І выпіць заўжды карцела хоць крышку
Юрку ды Грышку.

Хоць сонца ў небе, хоць ясныя зоры –
А сябры ў карчме не ведаюць зморы –
Гэй, хутчэй, маўляў, цягніце бачурку
Грышку ды Юрку.

А нехта ў той час надумаў, што трэба
Узвесці вежу да самага неба,
Каб на даху стаць між сонца ды поўні
З Богам нароўні.

Вось ужо праца паўсюдна віруе:
Ян цэглу нясе, а Лаўрын муруе,
А вунь таксама нясе два кілішкі
Юрка да Грышкі.

Мартын камяні цягае рупліва,
А сябры сабе наварылі піва,
Бач, надвячоркам ляжаць ля падмурка
Грышка ды Юрка.

А з неба між тым глянуў Бог суровы,
Ды кажа: досыць! Змяшаю ім мовы!
Ды раптам бачыць п’яных у зацішку
Юрку ды Грышку.

І прамовіў Бог: бязвінных не буду
Караць за грахі астатняга люду:
Дзеля іх дваіх зраблю асабліва
Дзіўнае дзіва:

Як сыдзецца люд у карчме на свята
Ды па трошкі з’есць, а вып’е багата,
Будзе воля ім з вячора да рання
Ад пакарання.

Дакладна русін зразумее шкота,
А шкот – баварца, была б ім ахвота,
І ўрэшце кожны, хто ў карчме начуе,
Раптам пачуе

Гаворкі швабаў, гішпанцаў ды шведаў,
Ды ўсіх, пра каго сам раней не ведаў
Усіх моў людскіх бясконцую плойму –
Быццам па-свойму.

Цмачанка

apolloІ яшчэ раз па сілабічнай паэзіі. Па старым стандарце — трынаццаць складоў, цэзура пасля сёмага, дакладныя жаночыя рыфмы.

ЦМАЧАНКА
альбо песня пра страшлівы бой светлага Апалона з лютаю каўбасою

Апяваю Фебавы зіхоткія стрэлы
Ды акіян бяздонны, ад іх ускіпелы,
Ды цмока, што спярша быў пачварай жахлівай,
А зрабіўся тлустаю густою падлівай.

Кульнуўшы добры куфаль у вешчае пуза,
Аб рэўнасці Юноны заспявай мне, муза!
Раскажы, як злавала гаспадыня дужа
На байструкоў бясконцых распуснага мужа,
Як наразала мяса ды крышыла сала,
Ды сыпала прыправы, ды жах вырабляла –
Страшыдлу на загубу мястэчкам і пушчам,
Каўбасу драпежную, налітую тлушчам.
Не ўправіцца б Юноне адной без падмогі:
Свіней сатыры білі, навастрыўшы рогі,
Смаліў Вулкан у кузні ад ночы да ночы,
Хірон даваў парады, меў бо дар прарочы,
А кішку мылі німфы, узяўшы карыты,
А пхалі ў кішку мяса красуні-харыты,
А Геката страшная бурчала заклёны,
Каб вытрымала кішка той цяжар шалёны.
То выйшла каўбаса ў іх як дуб у абхваце,
А злая – бы сабака пры паганай хаце,
Ды важная праз меру, бы п’яны аконам;
А назвала Юнона каўбасу Пітонам.

Прамаўляла багіня да ліхой пачвары:
“Мяса ў табе тлустае ды моцныя чары!
Волю дай зласліваму цмачынаму сэрцу,
Палямі ды марамі спяшай, поўны перцу,
Ды ўсюль на ўсіх двухногіх учыняй ты ловы –
З іх бо мужавых байстраў не менш ад паловы.
А з краю, дзе да мора спускаецца неба,
Сустрэнеш ты, Пітоне, Апалона Феба,
То рабі што жадаеш, а яго адолей,
Бо ўсіх іх не люблю я, ды Феба – найболей.”

І папаўзла пачвара чыніць гора люду
Ды вялікага ў свеце нарабіла спуду,
Бо каўбасы наеднай на зямлі даволі,
Аж ненаеднай дотуль не было ніколі.
То паляцела вестка пра нягоду гэту,
Па шынках ды па корчмах, аж да краю свету.
А там, на краі свету, дайшла і да Феба.
Феб сядзеў каля мора, падпіты як трэба,
Ды граў сабе на лютні, не чуўшы аб цмоку,
Толькі раптам прыбеглі вестуны здалёку.
Плыве, крычаць, пачвара – люцей не бывала,
І злосці ў ёй не меней, чым прыпраў ды сала.

Аж Феб не засмуціўся навіной такою,
А загадаў падвезці сто вазоў з мукою,
Ды ўсю муку дарэшты засыпаць у хвалі,
Каб яны пры беразе гусцейшымі сталі.
А сам стаіць ды мора памешвае хвойкай,
Ні цмокам не спужаны, ні блізкаю бойкай.
Цмок плыве, спяшаецца, крыві чужой прагне,
Вось падплыў – дый загразнуў, бы калёсы ў багне.
Грозна перцам чмыхае, раве, звар’яцелы,
А Феб ужо схапіўся за лук ды за стрэлы.
А лук такі быў моцны, быццам дуб стагодні,
А стрэлы ўсе палалі, нібыта паходні.
То як страляць узяўся імі Феб у мора,
Дык закіпелі хвалі пры беразе скора.
А дзе стрэлы траплялі ў ліхадзея-цмока,
Там адразалі роўна кавалкі ад бока.
Так завіхаўся дужа бог-лучнік суровы –
Ажно ўпусціў на хвалі свой вянок лаўровы,
І як стрэлы той бітве дадавалі жаху,
Так лісты лаўровыя – прыемнага паху.

Дужа хутка ўжо ў моры не было пачвары –
Толькі скібкі плавалі каўбасныя ў вары.
І сонца, спяшаючы пад ноч да прыстанку,
З нябёсаў макнулася бліном у цмачанку.
І ўсцешылася сэрца зіхоткага бога,
І смяротнаму люду загадаў ён строга
Чыніць у памяць бітвы кухарства святое –
Усе старыя кнігі нас вучаць пра тое.

То ганаруй, паэце, павучанні хронік:
У славу Апалона бяры апалонік
І, прыпасшы зараней стос бліноў румяных,
Не шкадуй ні каўбасаў, ні лістоў духмяных,
А на ўспамін аб моры сыпні трохі солі,
Ды белаю мукою загусці даволі,
Ды ўжо так наядайся, каб не ўстаць з услона –
Страшыся, небарача, гнявіць Апалона!